«Маё дзіця, седзячы за камп’ютарам, адначасова кантактуе ў чаце, слухае плэер, спампоўвае музыку, пры гэтым спрабуе рабіць дамашняе заданне, а яшчэ п’е сок і жуе бутэрброд. Ну як гэта можа не раздражняць?» Знаёмая сітуацыя, праўда, як для бацькоў, так і для падлеткаў? Першыя злуюцца, а другія — пачуваюцца абсалютна камфортна ў сваім асяроддзі.
«Мы, прадстаўнікі лічбавага племені, можам яшчэ больш і здольныя на большае. Нам трэба паспець многае ўбачыць, зрабіць і на многае адрэагаваць. Па дарозе ад падушкі да зубной шчоткі мы паспяваем адправіць 40 паведамленняў» — парыруюць «зэты». Гэта тыя, хто нарадзіўся пасля 2003 года…

Чаму мы «хварэем» без «лайкаў»
Даследаванне «Пакаленне «Z» у пытаннях і адказах» было прадстаўлена падчас навуковага стэндапа, арганізаванага для навучэнцаў профільных педагагічных класаў у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце. У фокусе ўвагі старшакласнікаў апынуліся праблемы сучаснага дзіцяці, якія, на думку іх саміх, з’яўляюцца на сённяшні дзень найбольш актуальнымі. Фактычна навуковы Stand Up працягнуў серыю падзей для навучэнцаў педагагічных класаў двух папярэдніх гадоў — рэспубліканскага конкурсу «Будучыя педагогі — пра школу будучыні» і фарсайт-форуму «Будучыя педагогі — аб тэхналогіях падрыхтоўкі педагога». Вынікі сваіх даследаванняў трэба было прадставіць максімальна простай і зразумелай мовай, дасціпна і захапляльна, і ўкласціся ў шэсць-сем хвілін. Усяго для ўдзелу ў стэндапе было пададзена больш як 40 заявак, але на вочны этап трапілі толькі 15 праектаў.
Навучэнцы сярэдняй школы гарадскога пасёлка Мір Аліна КАРАЛЬЧУК, Дар’я МІГУШ і Яна СКУРАТ прысвяцілі сваю работу адметнасцям пакалення Z, прадстаўнікі якога ўпэўнены ва ўласнай эксклюзіўнасці. Яго яшчэ называюць пакаленнем «Я» ці пакаленнем «лайкаў». «Чаму мы любім «лайкі?» Для чаго нам пахвала? Скажам прама — для душэўнага цяпла». «Галоўны наш дэфіцыт — гэта час, і ў вас, дарагія педагогі, ёсць толькі восем секунд на тое, каб нас зацікавіць!» — канстатуюць дзяўчаты.
Каб дарослыя дасягнулі ўзаемаразумення з пакаленнем «Z», юныя даследчыцы вывелі наступныя правілы: вучыцеся прымаць нас такімі, якія мы ёсць; паважаць нашу выключнасць; здзіўляйцеся нашай мультызадачнасці; вучыцеся ў нас новаму; удзяляйце нам больш увагі; захапляйце нас цікавымі ідэямі і ўсміхайцеся разам з намі.