Рэктар БДПУ пра важнасць правільнага выбару, прафесіяналізм і гатоўнасць вучыцца ў дзяцей.

«Раніцай вы вырышылі выпіць кубачак кавы. Адпілі ад яго адну шостую частку і далілі малако. Затым вы выпілі адну трэцюю частку кавы ўжо з малаком і зноў яго далілі. Выпілі палову кубачка і далілі малако. А затым выпілі ўвесь кубачак цалкам. А цяпер падумайце, чаго вы выпілі больш: кавы ці малака?» — запытаўся ў сваіх гасцей рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр ЖУК. Днямі ў вядучай педагагічнай ВНУ краіны адбылася сустрэча яе кіраўніка з выпускнікамі профільных педагагічных класаў. У апошніх была ўнікальная магчымасць атрымаць адказы на самыя актуальныя для сябе пытанні, так бы мовіць, з першых рук.
Мерапрыемства такога фармату прайшло ў БДПУ ўпершыню. З ініцыятывай правядзення адкрытай размовы з рэктарам выступілі самі навучэнцы. Свае пытанні яны адпраўлялі на сайт «Педагагічныя класы», а на сустрэчу ва ўніверсітэт былі запрошаны 30 аўтараў самых цікавых з іх — прадстаўнікі школ і гімназій з усіх рэгіёнаў краіны і Мінска. Задавалі рэктару і пытанні асабістага плану…