Выпускнікі педкласаў — ядро педагагічнага ўніверсітэта

Выпускнікі педкласаў — ядро педагагічнага ўніверсітэта

Категория: СМИ о педклассах

Дата публикации: 28 Июль

Метки:

У першы дзень падачы дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі Ігар Карпенка наведаў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Міністр адукацыі азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай БДПУ, абноўленымі да пачатку навучальнага года кабінетамі, а таксама пабываў на субяседаванні з выпускнікамі педагагічных класаў.

У размове з журналістамі кіраўнік ведамства адзначыў, што трэцяя частка выпускнікоў педагагічных класаў карыстаецца правам паступлення па выніках субяседавання. “Сёння (25 ліпеня) у Беларусі стартавала прыёмная кампанія ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Сёлета для абітурыентаў свае дзверы адчыняць 50 універсітэтаў, з іх восем — прыватныя. У БДПУ пачаліся субяседаванні з выпускнікамі педкласаў. У цэлым у нас у гэтым годзе каля 1900 выпускнікоў педкласаў. Як паказвае практыка, траціна з іх карыстаецца сваім правам паступлення без экзаменаў па выніках гутаркі і па рэкамендацыях адпаведнага педсавета. Мы можам сказаць, што гэтая траціна — высокаматываваныя абітурыенты, якія праз нейкі час прыйдуць працаваць ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта для нас вельмі важна, паколькі ад настаўніка залежыць многае, у тым ліку тое, якіх дзяцей мы падрыхтуем да выхаду ў самастойнае жыццё і як далей будзе развівацца наша краіна”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Міністр звярнуў увагу на тое, што ў апошнія гады на педспецыяльнасці стала паступаць больш юнакоў. “Спадзяюся, гэты год не стане выключэннем. Акрамя таго, мы ўбачылі, што выпускнікі педкласаў — гэта найбольш актыўнае ядро ў студэнцкім жыцці. Мы адсочваем, як яны вучацца, удзельнічаюць у грамад­скім жыцці, валанцёрскіх праектах, праходзяць педпрактыку ў аздараўленчых лагерах”, — сказаў ён.

Дарэчы, паводле звестак БДПУ імя Максіма Танка, летась сярод тых, хто паступіў на фізіка-матэматычны факультэт, кожны другі быў менавіта хлопец, на гістарычным факультэце такіх першакурснікаў дзве трэці, а на факультэце фізічнага выхавання — яшчэ больш.

Кіраўнік ведамства паведаміў, што ўсяго ў гэтым го­дзе ўніверсітэты плануюць прыняць каля 55 тысяч студэнтаў: 27 тысяч на бюджэтную форму атрымання адукацыі і 28 тысяч — на платнай аснове. “Павялічыўся набор на інжынерныя і тэхналагічныя спецыяльнасці. Традыцыйна карыстаюцца павышаным попытам спартыўныя і медыцынскія спецыяльнасці. Крыху скараціўся набор на шэраг гуманітарных спецыяльнасцей. Па педагагічных універсітэтах у нас карціна стабільная. У сістэме адукацыі кадраў хапае. Трохі адчуваецца недахоп настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, але мы вырашаем гэтыя пытанні за кошт набору, перападрыхтоўкі, а таксама прыцягваючы выпускнікоў старшых курсаў  УВА? Разам з тым мы не бачым нейкай напружанасці ў забяспечанасці школ педкадрамі”, — адзна­чыў Ігар Карпенка.

Сёлета цэнтралізаванае тэсціраванне здавалі амаль 64,5 тысячы абітурыентаў. “338 з іх атрымалі максімальныя балы. Пры гэтым 15 абітурыентаў маюць 100 балаў па двух прадметах, што на два чалавекі больш, чым у 2019 годзе. Сярэдні бал ЦТ застаецца на ўзроўні мінулага года і трымаецца ў межах 50. Дачакаемся вынікаў уступнай кампаніі і ў жніўні падвядзём вынікі”, — паведаміў Ігар Карпенка.

У размове з абітурыентамі, выпускнікамі педагагічных класаў, міністр цікавіўся, чаму яны выбралі гэты кірунак, знаёміўся з партфоліа выпускнікоў, пытаўся, якія факультэты і спецыяльнасці яны выбралі і чаму. Напрыклад, выпускнік сярэдняй школы № 12 Слуцка Ягор Галаванаў плануе стаць студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ. У юнака высокі сярэдні бал атэстата і багатае партфоліа. За два гады навучання ў педкласе ён паспеў шмат зрабіць, у тым ліку правесці некалькі ўрокаў, і пераканацца, што менавіта прафесія педагога — яго прызванне. Разам з тым, юнак адзна­чыў, што на педагогіку натхніўся і дзякуючы свайму настаўніку фізікі Канстанціну Міхайлоўскаму.

Міністр падбадзёрыў хлопца, адзначыўшы, што той выбраў добры, з сучаснымі лабараторыямі факультэт. Словы падтрымкі ад кіраўніка ведамства атрымала і Вольга Сабаленка, выпускніца сярэдняй школы № 14 Маладзечна. Вольга таксама дэман­стравала прыёмнай камісіі багатае партфоліа. Дзяўчына марыць паступіць у інстытут інклюзіўнай адукацыі.

А Андрэй Роскач, выпускнік сярэдняй школы № 3 Любані імя Г.Л. Сечко, у педагагічны клас запісаўся адным з першых. Па словах юнака, два гады навучання многае яму далі. Галоўнае — ён навучыўся ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, а гэта, пага­дзіцеся, не мала. У будучыні хлопец бачыць сябе настаўнікам хіміі і біялогіі, таму дакументы падаваў на прыродазнаўчы факультэт. Сярэдні бал атэстата ў яго 9,5.

Сёлета ў БДПУ імя Максіма Танка на дзённую бюджэтную форму навучання плануецца прыняць 870 чалавек, на дзённую платную — 500, на завочную — 275 і 590 адпаведна. Набор бу­дзе весціся па 31 спецыяльнасці дзённай формы навучання і па 18 — завочнай.

Трэба адзначыць, што на працягу апошніх 5 гадоў прахадныя балы ў БДПУ імя Максіма Танка растуць. У 2019 годзе яны павысіліся практычна на ўсіх спецыяльнасцях дзённай формы атрымання адукацыі. На 5 з 31 спецыяльнасці ён перавысіў 300 балаў. Больш за 40% залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання — медалісты і ўладальнікі дыпломаў ССНУ з адзнакай, а таксама выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Акрамя таго, студэнтамі БДПУ сталі больш за 200 выпускнікоў гімназій і ліцэяў. Сярэдні конкурс па ўніверсітэце склаў 2,5 чалавека на месца.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика