ГАЗЕТА «ЗВЯЗДА» | Што можа зрабіць сучасную школу шчаслівай?

Категория: СМИ о педклассах

Дата публикации: 21 Ноябрь

Што можа зрабіць сучасную школу шчаслівай? Паразважаць на гэтую тэму прапанавалі ў рамках дыскусійнай пляцоўкі вучням профільных педагагічных класаў і груп. Яны частыя госці ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. І трэцяя міжнародная канферэнцыя «Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы» таксама прайшла пры іх непасрэдным удзеле. Менавіта на гэтых падлеткаў сёння робяць тут стаўку.

— Педагогіка — прафесія не для кожнага, — разважае рэктар БДПУ Аляксандр ЖУК. — Ад таго, які абітурыент прыйдзе сёння вучыцца да нас, залежыць, які настаўнік будзе заўтра ва ўстановах адукацыі, — гэта аксіёма. Нам патрэбныя маладыя людзі з педагагічнымі схільнасцямі, з жаданнем вучыць іншых, лідарскімі якасцямі, уменнем камунікаваць і выстройваць стасункі з іншымі. Матывацыя да прафесіі — вось што, напэўна, самае важнае. Быць настаўнікам — адна з найскладанейшых задач, і добра, калі ў старшакласнікаў яшчэ ў школе ёсць магчымасць праверыць правільнасць свайго выбару. Не канстатаваць на трэцім-чацвёртым курсе, што ты памыліўся, а пераканацца ў сваіх здольнасцях і схільнасцях яшчэ падчас першых педагагічных спроб, зробленых у школе.


Кожны трэці

У мінулым навучальным годзе профільныя педкласы скончылі 2182 чалавекі. 630 з іх атрымалі рэкамендацыі педсаветаў, якія даюць права паступаць на адпаведныя спецыяльнасці без экзаменаў — толькі па выніках гутаркі. Гэта 30 % ад агульнай колькасці выпускнікоў, хоць па рэгіёнах лічбы істотна адрозніваюцца: так, у Брэсцкай і Гомельскай абласцях рэкамендацыі атрымалі больш за 40 % выпускнікоў педкласаў. У Мінску — 18 %, хоць менавіта ў сталіцы найбольш востра адчуваецца дэфіцыт настаўнікаў пачатковых класаў і педагогаў дашкольнай адукацыі, а ў Віцебскай вобласці яшчэ менш — толькі 16 %. «Мы лічым, што 30 % па краіне — гэта добры паказчык, які сведчыць, што педагагічныя саветы не раздаюць рэкамендацыі ўсім запар, а ацэньваюць прафесійную матывацыю сваіх вучняў», — падкрэслівае Аляксандр Жук.

Гэта важна!

Права паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў ёсць толькі ў тых выпускнікоў педагагічных класаў, хто мае па ўсіх прадметах у атэстаце адзнакі ад 7 да 10 балаў, а па профільных прадметах, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, — не менш за 8. Да таго ж вучні павінны атрымаць разгорнутую характарыстыку-рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі для паступлення. На сайце «Педагагічныя класы» ў раздзеле «Пытанні, што часта задаюць» можна прачытаць пра тое, як праходзіць гутарка і якія дзейнічаюць крытэрыі ацэньвання яе вынікаў.

Трэба заўважыць, што тры гады таму магчымасць залічэння выпускнікоў педкласаў пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці без здачы ЦТ, толькі па выніках гутаркі, у грамадстве ўспрынялі па-рознаму. У прыватнасці, выказваліся думкі, што ім далі занадта вялікія льготы. Маўляў, у педагагічны ўніверсітэт пойдуць усе без разбору, у тым ліку і тыя, хто не можа добра здаць цэнтралізаванае тэсціраванне.

У Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт па выніках гутаркі, без экзаменаў, былі сёлета залічаны на першы курс 132 выпускнікі педкласаў. Яшчэ 62 чалавекі не скарысталіся льготай і здавалі ЦТ. Такім чынам, студэнтамі сталі калі 200 навучэнцаў профільных класаў, гэта прыблізна чвэрць ад агульнага набору на першы курс.

— Хацелася б падкрэсліць, што ў БДПУ ідуць добра падрыхтаваныя выпускнікі педпрофілю з сярэднім балам школьнага атэстата не менш за 8,5, — кажа Аляксандр Жук. — А ў многіх сярэдні бал перавышае 9. Па выніках апошняй сесіі, што вельмі важна, сярэдні бал у студэнтаў — выпускнікоў педкласаў склаў 8 з 10 балаў. Гэта супастаўляльна з сярэднім балам студэнтаў з кола медалістаў, якія таксама паступаюць у педуніверсітэт без экзаменаў. А ў асноўнай масы студэнтаў сярэдні бал на сесіі быў 6,8, гэта значыць, што ў студэнтаў, якія навучаліся ў педкласах, паспяховасць у ВНУ на адзін бал вышэйшая!

Першы досвед

Неабходнасць стварэння партфоліа была калісьці самым складаным момантам падчас навучання ў педкласе. Але ў параўнанні з папярэднімі гадамі ў выпускнікоў 2019 года такія работы вылучаліся сістэмнасцю, вялікім аб’ёмам і наяўнасцю ўсіх рэкамендаваных раздзелаў. Навучэнцы пацвердзілі, што работа над партфоліа дапамагае ім правесці самадыягностыку ўласных педагагічных здольнасцяў, адрэфлексаваць сваю педагагічную дзейнасць, прывучае да пастаяннай фіксацыі дасягненняў і няўдач.

Навучэнцы, якія праходзілі субяседаванне, маюць вопыт узаемадзеяння, вылучаюцца камунікабельнасцю, упэўненасцю ў сабе, у іх больш развітыя аратарскія навыкі, эмацыянальны інтэлект, здольнасць працаваць у камандзе — так званыя soft skіlls, навыкі ХХІ стагоддзя, патрэбныя ў штодзённым і прафесійным жыцці.

Абсалютная большасць іх ужо маюць вопыт навукова-даследчай работы, з’яўляюцца ўдзельнікамі адпаведных канферэнцый рознага ўзроўню (ад школьнага да рэспубліканскага), што яны пацвердзілі дыпломамі і пасведчаннямі, якія прыклалі да сваіх партфоліа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.